14 палітвязьняў, у тым ліку Ціханоўскі, вызваленыя з калёніяў. Лукашэнка зноў гандлюе людзьмі?
- Shifan NAFO
- Jun 22
- 1 min read

Нарэшце маем добрыя навіны:
21 чэрвеня з беларускіх калёніяў выйшлі 14 вязьняў — сярод іх Сяргей Ціханоўскі, Натальля Дуліна, Ігар Карней, Галіна Краснянская. Іх ужо сустрэлі ў Вільні. Частка вызваленых — замежнікі: грамадзяне Польшчы, Эстоніі, уладальнікі двайнога грамадзянства.
Паводле зьвестак дыпляматычнага дарадцы Ціханоўскай, усіх іх памілавалі на просьбу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Пра гэта наўпрост заявіла і прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
Яшчэ некалькі гадоў таму беларускія ўлады сьцьвярджалі, што ў краіне «няма палітычных вязьняў». Цяпер жа яны прызнаюць іхнае існаваньне — але толькі тады, калі гэта прыносіць палітычную выгаду або магчымасьць шантажаваць Захад.
Гэта не жэст добрай волі, а сыгнал: рэжым шукае спосабу зьняць санкцыі або гандляваць сваёй ляяльнасьцю. Лукашэнка ўжо ня першы раз мяняе людзей на дыпляматычныя бонусы — у 2024–2025 гадах адбылося 10 «хваляў» вызваленьня. Але ніякіх сыстэмных зьменаў гэта не прынесла: новыя прысуды, катаваньні, рэпрэсіі — працягваюцца.
Сёньня Ціханоўскі нарэшце побач з жонкай, але іншыя тысячы застаюцца за кратамі. Іх не прызнае ўлада, за іх ніхто не дамаўляецца — іх проста трымаюць як запасны рэсурс для гандлю.
Рэжым ня стаў мякчэйшым — ён проста спрабуе выжыць. І сёньняшняе вызваленьне — не перамога, а чарговае напамінаньне, што свабода ў Беларусі дасюль ня ёсьць нормай.
Comments