Мемарыял Курапаты пачаў стварацца ў 80-я гады мінулага стагоддзя, стаў не толькі помнікам ахвярам камуністычных рэпрэсій, але і сімвалам барацьбы беларусаў за незалежнасць ад СССР. Па розных крыніцах, Саветамі ва ўрочышчы былі забітыя ад 30 тысяч (гэтую лічбу агучваў апошні пракурор БССР Георгій Тарнаўскі) да больш як 250 тысяч чалавек. Шэсце ў Курапаты на Дзяды стала галоўнай праявай барацьбы беларусаў за свабоду. Мітынгі на мемарыяле сталі адным з штуршкоў да стварэння галоўнай апазіцыйнай сілы – Беларускага Народнага Фронту. З 1993 года ўрочышча мае статут гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі.
З прыходам да ўлады Лукашэнкі, з яго балючым імкненнем узначаліць адроджаны СССР, з яго калгасна-саўковым мысленнем, рэжым стаў максімальна прыніжаць значэнне Курапатаў, спрабаваць сказіць трагедыю, якая адбылася ва ўрочышчы. Колькасць ахвяр прымяншалася, у злачынствах спрабавалі абвінаваціць гітлераўцаў. 20 верасня 2001 года дыктатура распачала спробу здзейсніць адно з самых агідных злачынстваў супраць памяці беларускага народа. Пад нагодай будаўніцтва Мінскай Кальцавой Аўтамабільнай Дарогі была зроблена спроба знесці частку мемарыяла. Гэта сталася пачаткам шматмесячнай барацьбы нацыянал-дэмакратычных сілаў, усіх прыстойных беларусаў за захаванне Курапатаў. Супрацьстаянне ўзначалілі актывісты Маладога фронту, іншых патрыятычных арганізацый. Сотні людзей пацярпелі ў сутыкненнях з сілавікамі, былі рэпрэсіраваны. Сумленным беларусам удалося прадухіліць блюзнерства, мемарыял быў захаваны.
Comments