top of page

Польшча і Літва накіроўваюць войскі на мяжу з Беларуссю


Памежная служба Польшчы папрасіла Міністэрства абароны павялічыць колькасць вайскоўцаў на польска-беларускай мяжы.

У сувязі з дынамічнай сітуацыяй і просьбай аб павелічэнні ўдзелу ў ахове мяжы міністр нацыянальнай абароны даручыў накіраваць дадатковыя войскі, выдзеленыя для патрулявання польска-беларускай мяжы і ўдзелу ў аперацыі "Бяспечнае Падляшша", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінабароны Польшчы.

Як удакладняецца, на мяжы значна пачасціліся выпадкі агрэсіі супраць памежнікаў з боку мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна прарвацца ў ЕС з Беларусі. Таксама заляталі на тэрыторыю Польшчы і верталёты. Акрамя таго, перадыслакацыя звязаная з інфармацыяй аб падрыхтаваных правакацыях ЧВК «Вагнера» ў раёне Сувалкаўскага калідора. Пасля ўмацавання колькасць польскіх жаўнераў на мяжы дасягне 3 тысяч чалавек.

Літва таксама заявіла аб намеры адправіць дадатковы кантынгент у небяспечны раён. Асноўная прычына і тут ў высокай небясьпецы разьмяшчэньня ў Беларусі наймітаў Яўгена Прыгожына. Таксама ёсць інфармацыя аб неаднаразовым пашкоджанні імі або беларускімі сілавікамі інжынерных загарод на мяжы, якія былі ўсталяваныя для прадухілення незаконнага перасячэння мяжы.

У адрозненне ад польскіх калегаў, літоўскія памежнікі лічаць за лепшае не называць дакладную колькасць байцоў, якіх варта дадаткова задзейнічаць на Сувалкскім кірунку. У той жа час кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас адзначае, што яго краіна гатовая да любога сцэнару.

«Прадастаўляюцца пэўныя алгарытмы. Нашы памежнікі з імі знаёмыя, праводзім навучанне. Калі сітуацыя на мяжы будзе абвастрацца, ёсць магчымасць уключыць план прыкрыцця, і ў адпаведнасці з гэтым планам да нас прыйдзе літоўскае войска, паліцыя і іншыя ведамствы», — сказаў Любаевас.

Паводле розных звестак, цяпер у Беларусі знаходзіцца ад 4,5 да 7 тысяч наймітаў ЧВК «Вагнера».

Апошнім часам іх задачы цесна зьвязаныя з нібыта падрыхтоўкай і правядзеньнем правакацый у Сувалкскім калідоры — частцы тэрыторый Польшчы і Літвы, якія аддзяляюць Беларусь ад Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пляны прарыву і захопу 100-кілямэтровага ўчастку, які зьлучыць Калінінград з Рэспублікай Беларусь, крамлёўскія стратэгі выношвалі практычна з самага распаду Савецкага Саюзу.

Наўрад ці Пуцін і Лукашэнка адмовяцца ад ціску ў гэтым кірунку. Але пакуль мы спадзяемся, што еўрапейскія краіны больш не будуць моўчкі назіраць за дзеяннямі злачынцаў. Прынамсі, і Польшча, і Літва дэманструюць, што ў выпадку абвастрэння будуць дзейнічаць надзвычай рашуча.

І гэта нядзіўна: абедзве краіны разумеюць, наколькі жудаснымі могуць быць наступствы іх бяздзейнасці супраць намераў агрэсара. Для гэтага варта не толькі глядзець на тое, што адбываецца на полі бою ва Украіне, але і проста ўспомніць крывавыя старонкі ўласнай гісторыі.

І Польшча, і Літва цудоўна памятаюць, што такое расейская акупацыя.

Comments


bottom of page