Нядаўна прызначаны лукашэнкаўскі кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў з усіх сіл спрабуе выканаць пастаўленую Лукашэнкам задачу па зняцці, ці хаця б паслабленні санкцый з боку Захаду. На днях ён апублікаваў артыкул, у якім заклікае Літву да перазагрузкі адносін. Робіць гэта дастаткова нязграбна, пасланне перапоўнена наратывамі лукашэнкаўскай прапаганды. Сцісла Літву абвінавачваюць, што ў 2020 яна стала на шлях падтрымкі дзяржперавароту ў Беларусі, абрынула на Беларусь неапраўданыя санкцыі і сама ад іх гіне. А лукашысты радасна пераарыентуюць і дыверсіфікуюць эканоміку і гандаль. Яшчэ крыху і, на думку Рыжанкова, беларуска-літоўскія адносіны дасягнуць пункту невяртання. Ну, і абавязковая прапанова таннай электрычнасці ад БелАЭС.
Пра тое, што Літва, якая «пакутуе ад санкцый», у разы паўзыходзіць лукамор'е па ўсіх эканамічных паказчыках сціпла замоўчваецца.
Санкцыі душаць лукашыстаў. Яны адсечаны ад звыклых і танных лагістычных маршрутаў. Страчаны самыя выгадныя рынкі развітых краін. Эканоміка, прамысловасць і сельская гаспадарка дэградуе без заходніх тэхналогій. Расія не можа вырашыць пытанні Беларусі, бо сама пакутуе ад аналагічных праблем і часта выступае канкурэнтам у гандлі.
Літва ўжо адказала Рыжанкову, што ніколі не адмовіцца ад падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл і не адменіць санкцыі, пакуль лукашысты карэнным чынам не памяняюць унутраную і знешнюю палітыку.
Comments